воскресенье, 28 ноября 2021 г.

Паэзія: Цішыня і надзея

Цішыня,

Толькі Бог і сабака,

У чыстым полі

Снягі паляглі.

Лістапад

Здаў ключы ад барака:

Пазбягалі

Апошнія дні.

 

Неахвотна

Канае нядзеля,

Тыдзень зноўку

Стаіць на мяжы.

Цішыня,

Цішыня і надзея.

Мокры снег

Задуменна імжыць.

 

Цішыня,

Цішыня і малітва

Сёмы дзень

Канцуе, як заўжды.

Браце, сёння

Ужо скончана бітва.

Богу вер,

Спаць хадзі,

Не бяды…    

 

28.11.21.

вторник, 26 октября 2021 г.

Паэзія: Я ведаю, нашто быў створаны кастрычнік

Я ведаю, нашто быў створаны кастрычнік:

Каб славалюб глядзеў і здолеў зразумець,

Што скарб магутных дрэў – іх залатое лісце -

Дадолу ўпадзе і будзе ціха тлець.

 

І тое хараство, што зверху ўніз глядзела,

Прываблівала позірк і фотааб’ектыў,

Пад ботам мінака паслалася ў знявазе,

І магію згубіла, і страціла ўплыў.

 

26.10.21.

понедельник, 25 октября 2021 г.

Паэзія: Загінулае сумленне

Крок за крокам, штуршок за штуршком

Паддаецца сумленне пад ціскам,

А цнатлівасць ранейшых гадоў

Ва ўспямінах тарчыць абяліскам.

 

Мне бязлітасны Божы будтрэст

Брук намераў ушчэнт раскідае.

Спадарожнік пабачыў і зняў,

Што да пекла вядзе, на да раю.

 

Кожны раз – выключэнне было,

Кожны раз - унікальнасць умоваў.

На чырвоны сцяжок не зважаў

У разгары, бо дзікія ловы.

 

Мне прыстойнась, мараль і любоў,

Як на шыі ярмо, націралі.

Юр і хцівасць, я вершнік ліхі,

Усё наперад да нечага гналі.

 

Мне не бачна ракі берагоў,

Я гатовы рабіць што заўгодна,

Я на дне піраміды Маслоў,

Нібы звер да адчаю галодны.

 

Я іду па галовах слабых,

Дагаджаю таму, хто мацнейшы.

Дабрабыт! Перш за ўсё – дабрабыт!

Хай цаной будзе дух абаднеўшы.

 

Мне казалі: “Ёсць Бог! Будзе суд!”

Хто там ведае? Можа і будзе.

Я датуль усе грахі данясу,

Што нявынасна ціснуць на грудзі.

 

Пагарджаю і злом, і дабром,

Я жыццёвы своё вызначыў прынцып:

Дабрабыт! Перш за ўсё – дабрабыт

І прымат ненажэрных амбіцый!

 

Без умоўнасцяў і тармазоў

Накіроўваю ў бездань карэту.

Можа час мой ужо надышоў

Скончыць скачку вар’яцкую гэту?

 

Бессэнсоўна мяне заклікаць

Да цвярозасці і пакаяння.

Крок за крокам, штуршок за штуршком

Я парушыў мяжу невяртання.      

 

12.09.21.

пятница, 8 октября 2021 г.

Паэзія: Улюбёны каляндар

Там, дзе студзень снегам сыпле,

Дзе марозіць моцна люты,

Сакавік нясе падснежнік,

Красавік у траву абуты,

 

Травень – як трамплін да лета,

Чэрвень ягадай частуе,

Ліпень сонцам абагрэты,

Жнівень на палях пануе.

 

Там, дзе верасень – ураджайны,

А кастрычнік – рыжы з жоўтым,

Лістапад рабуе дрэвы,

Потым снежань засціць слотай,

 

Там жыву і там гартаю

Каляндарныя старонкі.

Ні за што я не жадаю

Апынуцца раптам звонку.

 

І таму малюся часам:

“Умацуй маё карэнне,

Каб мяне ня знесла ветрам

Нечаканага здарэння,

 

Каб усё, што я будую,

Не збурыла землятрусам,

Каб пабачыць плён ад працы,

Каб застацца ў Беларусі!”

 

8.10.21.

четверг, 16 сентября 2021 г.

Паэзія: З'яжджае сябар

З'яжджае сябар,

За ім – другі.

Дзьмухае вецер

Сівой тугі.

 

Я застаюся

Пакуль што тут:

Забіўся тварам

У родны кут.

 

Пустэчы ззяюць,

Ірвецца ніць.

Кавалкі згрэбшы,

Працягну жыць.

 

12.09.21. 

Паэзія: Неадольная дабрадаць

 Ты вабіш нас сваёю дзіўнай ласкай,

Замест камення сэрца чулае даеш,

Ты вызваляеш з д’ябальскае пасткі,

Ад бездані граху адводзіш прэч.

 

Мы верым, бо святло праліў ты ў розум.

Мы навяртаемся, бо дзейнічае Дух.

Мы адклікаемся, бо ўнутраны наш позыў

Перадумовіў дабрадаці рух.

 

Праз казань аб Хрысце ўкрыжаваным

Ты абуджаеш мёртвых да жыцця.

Усе, каму Айцом наканавана,

Атрымліваюць новае імя.

 

Пакуль былі пад галавой Адамам,

Туляліся ад зносінаў з Табой,

Бо воля наша была ў кайданах –

Да зла цягнулася яна сама сабой. 

 

Ты надыхнуў – адразу ж аднаўленне,

Ты дакрануўся – і змянілася ўсё,

Бо не ад чалавечага рашэння

Залежыць, каму будзе адкрыццё.

 

Дзе Дух Гасподні – там свабода ззяе,

Яе адно Збавіцель можа даць.

Сыноў у Валадарства заклікае

Хрыстова неадольна дабрадаць. 

 

 

10.09.21.

среда, 1 сентября 2021 г.

Паэзія: Духоўная няздольнасць

У марнасці блукаючы,

Дасведчаны ў бядоце,

Спрактыкаваны ў граху,

У распуснасці балоце,

 

У зацямнённым розуме,

У думках сэрца злога –

Шукаў дарма я ў сябе

Парэшткі ад святога.

 

Глядзеў паблізу і здалёк,

З усіх бакоў і зверху:

На дасканаласць не прайшоў

Я строгую праверку.

 

Паўсюль распусты карагод

І тлення метастазы.

Усё спусташыў Адамаў грэх:

Татальная параза.

 

Мне кажуць: “Добры чалавек,

Шмат за каго ты лепшы!”

Маё ж сумленне не дае

Мне грэх свой пераменьшыць. 

 

Прыводзіць у смутак і адчай

Маёй бяды істотнасць.

Мне Бог дыягназ напісаў:

“Духоўная няздольнасць”.

 

31.08.21.