пятница, 8 октября 2021 г.

Паэзія: Улюбёны каляндар

Там, дзе студзень снегам сыпле,

Дзе марозіць моцна люты,

Сакавік нясе падснежнік,

Красавік у траву абуты,

 

Травень – як трамплін да лета,

Чэрвень ягадай частуе,

Ліпень сонцам абагрэты,

Жнівень на палях пануе.

 

Там, дзе верасень – ураджайны,

А кастрычнік – рыжы з жоўтым,

Лістапад рабуе дрэвы,

Потым снежань засціць слотай,

 

Там жыву і там гартаю

Каляндарныя старонкі.

Ні за што я не жадаю

Апынуцца раптам звонку.

 

І таму малюся часам:

“Умацуй маё карэнне,

Каб мяне ня знесла ветрам

Нечаканага здарэння,

 

Каб усё, што я будую,

Не збурыла землятрусам,

Каб пабачыць плён ад працы,

Каб застацца ў Беларусі!”

 

8.10.21.

четверг, 16 сентября 2021 г.

Паэзія: З'яжджае сябар

З'яжджае сябар,

За ім – другі.

Дзьмухае вецер

Сівой тугі.

 

Я застаюся

Пакуль што тут:

Забіўся тварам

У родны кут.

 

Пустэчы ззяюць,

Ірвецца ніць.

Кавалкі згрэбшы,

Працягну жыць.

 

12.09.21. 

Паэзія: Неадольная дабрадаць

 Ты вабіш нас сваёю дзіўнай ласкай,

Замест камення сэрца чулае даеш,

Ты вызваляеш з д’ябальскае пасткі,

Ад бездані граху адводзіш прэч.

 

Мы верым, бо святло праліў ты ў розум.

Мы навяртаемся, бо дзейнічае Дух.

Мы адклікаемся, бо ўнутраны наш позыў

Перадумовіў дабрадаці рух.

 

Праз казань аб Хрысце ўкрыжаваным

Ты абуджаеш мёртвых да жыцця.

Усе, каму Айцом наканавана,

Атрымліваюць новае імя.

 

Пакуль былі пад галавой Адамам,

Туляліся ад зносінаў з Табой,

Бо воля наша была ў кайданах –

Да зла цягнулася яна сама сабой. 

 

Ты надыхнуў – адразу ж аднаўленне,

Ты дакрануўся – і змянілася ўсё,

Бо не ад чалавечага рашэння

Залежыць, каму будзе адкрыццё.

 

Дзе Дух Гасподні – там свабода ззяе,

Яе адно Збавіцель можа даць.

Сыноў у Валадарства заклікае

Хрыстова неадольна дабрадаць. 

 

 

10.09.21.

среда, 1 сентября 2021 г.

Паэзія: Духоўная няздольнасць

У марнасці блукаючы,

Дасведчаны ў бядоце,

Спрактыкаваны ў граху,

У распуснасці балоце,

 

У зацямнённым розуме,

У думках сэрца злога –

Шукаў дарма я ў сябе

Парэшткі ад святога.

 

Глядзеў паблізу і здалёк,

З усіх бакоў і зверху:

На дасканаласць не прайшоў

Я строгую праверку.

 

Паўсюль распусты карагод

І тлення метастазы.

Усё спусташыў Адамаў грэх:

Татальная параза.

 

Мне кажуць: “Добры чалавек,

Шмат за каго ты лепшы!”

Маё ж сумленне не дае

Мне грэх свой пераменьшыць. 

 

Прыводзіць у смутак і адчай

Маёй бяды істотнасць.

Мне Бог дыягназ напісаў:

“Духоўная няздольнасць”.

 

31.08.21.

 

суббота, 28 августа 2021 г.

Паэзія: Стойкасць святых

Ці дойдуць пілігрымы да слаўнага канца?

Ці захавае Пастыр статак цалкам?

Ці убачаць Божыя дзеці Нябеснага Айца

Насуперак усім у колах палкам?

 

Ці тых, хто верай шчырай з’яднаўся са Хрыстом

Пакіне Божы Дух і Бога ласка?

Ці безліч абяцанняў, ім дадзеных Пісьмом,

Застанецца неспраўджанаю казкай?

 

Ці цуда адраджэння аднойчы й назаўжды?

Ці Госпад іх мацнейшы за шатана?

Ці да жыцця ўваскроснуць усе дочкі і сыны?

У ахвяры на крыжы ці ёсць загана?

 

Што мае наша радасць падмуркам пад сабой?

Упэўненнасць ці ёсць саманадзейнасць?

Труны пустэча кажа, што выйграны ўжо бой!

У Хрысце ўваскрослым – вечная бяспечнасць!

 

Мы дойдзем, мы ўбачым Яго якім Ён ёсць!

Святло збаўлення ў света змрок пральецца.

Бо кожнаму з нас будзе ад Бога дана моц,

Што “стойкасцю святых” здаўна завецца.

 

16.08.21.

 

среда, 25 августа 2021 г.

Паэзія: Дзейснае выкупленне

Не “верагодна” і не “патэнцыйна”

Нам выкупленне дадзена крыжом.

Не так, як мы лічылі традыцыйна:

“Ён дзверы адчыніў у нябесны дом”.

 

Упэўнена, дакладна, поўны веры,

Ён выканаў с пачатку да канца

Збаўлення план, прадвечныя намеры,

Задуму свайго Бога і Айца.

 

Крыж – то не запрашэнне, то здзяйсненне,

Не прыклад, не жаданне, не папрок,

Ажыццяўленне Божага рашэння,

Што Господ наш Ісус увасобіць змог.

 

Ва ўзнагароду атрымаў Ён славу,

Імя вышэйшае за горы ўсёй зямлі,

Нятленную, усясветную дзяржаву,

Дзе месца й праўда, і любоў знайшлі.

 

Усе тыя, каго кроў Ягня амыла,

Ёсць Божым статкам, Божаю царквой,

Іх Дух уздыме з цёмнае магілы

І дасць святло, і зробіць грамадой.

 

Таму мы ў свет ідзем і пэўнасць маем,

Што, калі слова Бога прагучыць,

Ён будзе моцна дзейнічаць. Мы знаем:

Ён знойдзе сродкі спячых абудзіць. 


17.08.21.

пятница, 20 августа 2021 г.

Паэзія: Абранне без умоў

Калі нічога не было,

А толькі Ён адзін,

Хто сам ёсць вечнае жыццё –

Айцец, і Дух, і Сын,

 

Хто ад пачатку вызначаў

Гісторыі канву,

Сваіх абраных прадвызнаў –

Улюблёную Царкву.

 

Праз што Ён нас у Хрысце абраў?

Які крытэрый быў?

Хіба хто з нас яму што даў,

Каб Ён нам адплаціў?

 

Абсурд! Бо бачыў Яго зрок

Духоўных мерцвякоў.

Прычынай выбару была

Спрадвечная любоў!

 

Чаму мяне? Чаму цябе?

Дарма шукаць адказ.

Ён справаздычы не дае

Нікому сярод нас.

 

Ён па-над усім, Ён – суверэн.

Мы – гліна, Ён – ганчар.

Не нам, гаршкам, спрачацца з Ім.

Заслуг няма. Ёсць дар.

 

Мне пыху грэшную змірыў,

Узнёс Яго любоў

Той факт, што Бог ажыццявіў

Абранне без умоў.

 

15.08.21.