понедельник, 25 октября 2021 г.

Паэзія: Загінулае сумленне

Крок за крокам, штуршок за штуршком

Паддаецца сумленне пад ціскам,

А цнатлівасць ранейшых гадоў

Ва ўспямінах тарчыць абяліскам.

 

Мне бязлітасны Божы будтрэст

Брук намераў ушчэнт раскідае.

Спадарожнік пабачыў і зняў,

Што да пекла вядзе, на да раю.

 

Кожны раз – выключэнне было,

Кожны раз - унікальнасць умоваў.

На чырвоны сцяжок не зважаў

У разгары, бо дзікія ловы.

 

Мне прыстойнась, мараль і любоў,

Як на шыі ярмо, націралі.

Юр і хцівасць, я вершнік ліхі,

Усё наперад да нечага гналі.

 

Мне не бачна ракі берагоў,

Я гатовы рабіць што заўгодна,

Я на дне піраміды Маслоў,

Нібы звер да адчаю галодны.

 

Я іду па галовах слабых,

Дагаджаю таму, хто мацнейшы.

Дабрабыт! Перш за ўсё – дабрабыт!

Хай цаной будзе дух абаднеўшы.

 

Мне казалі: “Ёсць Бог! Будзе суд!”

Хто там ведае? Можа і будзе.

Я датуль усе грахі данясу,

Што нявынасна ціснуць на грудзі.

 

Пагарджаю і злом, і дабром,

Я жыццёвы своё вызначыў прынцып:

Дабрабыт! Перш за ўсё – дабрабыт

І прымат ненажэрных амбіцый!

 

Без умоўнасцяў і тармазоў

Накіроўваю ў бездань карэту.

Можа час мой ужо надышоў

Скончыць скачку вар’яцкую гэту?

 

Бессэнсоўна мяне заклікаць

Да цвярозасці і пакаяння.

Крок за крокам, штуршок за штуршком

Я парушыў мяжу невяртання.      

 

12.09.21.

Комментариев нет:

Отправить комментарий