четверг, 16 сентября 2021 г.

Паэзія: З'яжджае сябар

З'яжджае сябар,

За ім – другі.

Дзьмухае вецер

Сівой тугі.

 

Я застаюся

Пакуль што тут:

Забіўся тварам

У родны кут.

 

Пустэчы ззяюць,

Ірвецца ніць.

Кавалкі згрэбшы,

Працягну жыць.

 

12.09.21. 

Паэзія: Неадольная дабрадаць

 Ты вабіш нас сваёю дзіўнай ласкай,

Замест камення сэрца чулае даеш,

Ты вызваляеш з д’ябальскае пасткі,

Ад бездані граху адводзіш прэч.

 

Мы верым, бо святло праліў ты ў розум.

Мы навяртаемся, бо дзейнічае Дух.

Мы адклікаемся, бо ўнутраны наш позыў

Перадумовіў дабрадаці рух.

 

Праз казань аб Хрысце ўкрыжаваным

Ты абуджаеш мёртвых да жыцця.

Усе, каму Айцом наканавана,

Атрымліваюць новае імя.

 

Пакуль былі пад галавой Адамам,

Туляліся ад зносінаў з Табой,

Бо воля наша была ў кайданах –

Да зла цягнулася яна сама сабой. 

 

Ты надыхнуў – адразу ж аднаўленне,

Ты дакрануўся – і змянілася ўсё,

Бо не ад чалавечага рашэння

Залежыць, каму будзе адкрыццё.

 

Дзе Дух Гасподні – там свабода ззяе,

Яе адно Збавіцель можа даць.

Сыноў у Валадарства заклікае

Хрыстова неадольна дабрадаць. 

 

 

10.09.21.

среда, 1 сентября 2021 г.

Паэзія: Духоўная няздольнасць

У марнасці блукаючы,

Дасведчаны ў бядоце,

Спрактыкаваны ў граху,

У распуснасці балоце,

 

У зацямнённым розуме,

У думках сэрца злога –

Шукаў дарма я ў сябе

Парэшткі ад святога.

 

Глядзеў паблізу і здалёк,

З усіх бакоў і зверху:

На дасканаласць не прайшоў

Я строгую праверку.

 

Паўсюль распусты карагод

І тлення метастазы.

Усё спусташыў Адамаў грэх:

Татальная параза.

 

Мне кажуць: “Добры чалавек,

Шмат за каго ты лепшы!”

Маё ж сумленне не дае

Мне грэх свой пераменьшыць. 

 

Прыводзіць у смутак і адчай

Маёй бяды істотнасць.

Мне Бог дыягназ напісаў:

“Духоўная няздольнасць”.

 

31.08.21.